З 11 па 21 красавіка ў мінскім Палацы мастацтва праводзіцца пасхальны праваслаўны фестываль «Радасць». У многіх грамадзян, у тым ліку шчырых праваслаўных вернікаў, выклікаў абурэнне фестывальны стэнд Свята-Георгіеўскага Балаклаўскага мужчынскага манастыра з Крыму, які чамусьці быў аднесены да Расіі. Як аказалася, аналагічная інфармацыя наконт палітычнай прыналежнасці Крыма ўтрымліваецца і на старонцы са спісам удзельнікаў на афіцыйным сайце фестываля. Як вядома, Беларусь не прызнала Крым расійскай тэрыторыяй. Міжнародная супольнасць таксама асуджае анэксію Крыма Расіяй, лічыць паўвостраў украінскай тэрыторыяй, а дзеянні Расіі ў Крыме расцэньвае як захоп тэрыторыі іншай дзяржавы. Падчас апошняй «Вялікай размовы» Аляксандр Лукашэнка пацвердзіў, што Беларусь не прызнала і не можа прызнаць Крым расійскім, паколькі наша краіна з'яўляецца падпісантам Будапешцкага мемарандуму, які гарантуе ў тым ліку тэрытарыяльную цэласнасць Украіны. Застаецца толькі здагадвацца, па якой прычыне на пасхальным фестывалі ў цэнтры Мінска, які арганізуе Свята-Елісавецінскі манастыр, падаецца непраўдзівая інфармацыя аб прыналежнасці Крыму. Прашу неадкладна выправіць сітуацыю і змяніць надпіс на стэндзе, а таксама перанесці Свята-Георгіеўскую Балаклаўскую абіцель у спісе ўдзельнікаў да манастыроў з Украіны. Штодня фестываль наведваюць дзясяткі людзей, і аднясенне крымскага манастыра да расійскай юрысдыкцыі можа быць расцэненае як ухваленне і прапаганда захопніцкіх дзеянняў Расіі на тэрыторыі Украіны, што, безумоўна, кідае цень на Свята-Елісавецінскую абіцель.